30-гадовы Турнір па валейболу памяці У.Высоцкага

28.01.2023

 

   Цёплае зімовае надвор’е сустрэла ўдзельнікаў традыцыйнага раённага турніру па валейболе. Як заўжды ў спартаўнай зале ДУА “Дабромысленская сярэдняя школа” было шматлюдна. 28 студзеня 2023 года адбыўся трыццаты юбілейны валейбольны турнір, прысвечаны памяці паэта, кампазітара, артыста Уладзіміра Высоцкага.

Удзел у гэтым знакавым спартыўным свяце ў раёне прынялі  пяць каманд. Гэта каманды “Гардэмарыны”, в/ч 7404, г. Івацэвічы, в. Дабромысль, філіяла “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы”.

На працягу ўсіх трыццаці гадоў яго арганізатарам з’яўляецца Аляксандр Сплендзер, ветэран педагагічнай працы, настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы. Мы папрасілі ў яго, каб ён расказаў аб тым, як узнікла ідэя правядзення гэтага цудоўнага спартыўнага свята. Паслухаем яго:

  • 25 студзеня 1993 года Уладзіміру Высоцкаму споўнілася б 55 гадоў з дня яго нараджэння. Мы, паклоннікі яго творчасці, вырашылі ў гэты дзень правесці спаборніцтва па валейболе, прысвечанае яго памяці. У ім прынялі ўдзел каманда в/ч в. Волька, калгаса “40 год Кастрычніка”, каманды вучняў і настаўнікаў нашай школы.

Да спаборніцтва вытачыў драўляны кубак з фатаграфіяй Уладзіміра Высоцкага, зрабіў алімпійскі сцяг, які і па-сённяшні дзень паднімаецца камандамі-пераможцамі пад песню Уладзіміра Высоцкага з кінафільма “Вертыкаль” – “Песня о друге”. Яна стала гімнам нашага турніру.

Мы не планавалі зрабіць гэты турнір традыцыйным. Пераможцай першага турніру стала каманда вучняў нашай школы. На наступны год мне патэлефанаваў намеснік камандзіра в/ч Волька і спытаў аб тым, калі адбудзецца турнір па валейболе памяці Уладзіміра Высоцкага. Іх спартсмены цэлы год трэніраваліся, хочуць узяць рэванш за мінулагодняе паражэнне. Вось так і пачалася традыцыя нашага турніру, і жыццёвая дарога яго працягваецца ўжо трыццаць гадоў.

Мы тады далі цудоўны штуршок папулярызацыі валейбола ў нашым раёне. І зараз праводзяцца турніры, прысвечаныя воінам-афганцам, 23 лютага, 8 сакавіка, Дню касманаўтыкі, турнір сярод хлопчыкаў і дзяўчынак сумесна з храмам Георгія Пабеданосца ў в. Яглевічы. Нашы мужчыны з г. Івацэвічы праслаўляюць наш раён на абласных спаборніцтвах сярод любіцельскіх каманд. А мае былыя вучні з Дабромысля, акрамя абласных спаборніцтваў, выступаюць у Еўропе сярод ветэранаў, абараняючы гонар нашай краіны. 

Хачу выказаць словы падзякі Уладзіміру Іосіфавічу Доўжыку, былому начальніку аддзела спорту райвыканкама (на жаль, яго ўжо няма сярод нас), былым начальнікам сектара  спорту і турызму райвыканкама Сяргею Віктаравічу Глушэні, Генаддзю Васільевічу Крату, сённяшняму начальніку сектара спорту і турызму – Аляксею Пятровічу Саскевічу за дапамогу ў правядзенні турніру.

На працягу ўсіх трыццаці гадоў мне аказвалі дапамогу ў яго правядзенні Мікалай Міхайлавіч Шаўчук, былы старшыня нашага сельсавета, сам спартсмен, неаднаразовы ўдзельнік турніру ў складзе каманд калгаса “40 год Кастрычніка” і Дабромысленскага сельскага Савета разам са сваімі сынамі Дзмітрыем і Вадзімам, Міхаілу Канстанцінавічу Казлоўскаму, дырэктару школы.

Слова Міхаілу Казлоўскаму, дырэктару ДУА “Дабромысленская сярэдняя школа”:

  • Валейбольны турнір, прысвечаны памяці Уладзіміра Высоцкага, - гэта знакавая падзея ў жыцці школы. Гэта – візітная яе картка. Многія людзі ведаюць нашу школу дзякуючы гэтаму турніру. Ён мае вялікае выхаваўчае значэнне для вучняў. Гэта яскравы прыклад прапаганды здаровага ладу жыцця сярод моладзі.

Юнакі і дзяўчаты нашай школы рэгулярна наведваюць секцыю па валейболе, якой кіруе Аляксандр Іванавіч. І гэта дае вынікі. Нашы юнакі – 22 разы станавіліся чэмпіёнамі раёна, а дзяўчаты – 23 разы. У складзе раённых каманд паспяхова абаранялі гонар раёна на абласных спабортніцтвах.

 Дзякуючы турніру мы змаглі пры непасрэднай фінансавай падтрымцы райвыканкама (былы старшыня А.В.Ткачук, былы намеснік А.Ф. Велікаселец) адрамантаваць сваімі сіламі спартыўную залу. Школа ўдзячна спартсменам за тое, што яны прыязджаюць на наш турнір, паказваючы моладзі прыклад здаровага ладу жыцця.

      Сённяшні турнір ў значнай ступені адрозніваецца ад папярэдніх. На яго былі запрошаны ветэраны, якія стаялі ў яго вытоках, выступаючы ад 10 да 15 гадоў. Калі яны ўсе дружна зайшлі ў школу, то з вялікім задавальненнем знаёміліся са стэндам “Гісторыя турніру”.

         Вось што сказаў ветэран турніру Васіль Разумейчык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які неаднаразова быў не толькі іграком каманд г.Івацэвічы, але і ганаровым яго госцем:

  • Заўжды чакаў, калі адбудзецца турнір. Прыемна, гледзячы на фотаздымкі, успомніць сяброў-валейбалістаў, жаркія баталіі на валейбольнай пляцоўцы. Усе мы былі фанатамі гэтай спартыўнай гульні. Няхай яшчэ доўга пішацца яго гісторыя.

Калі ветэраны турніру Васіль Бахур, Іван Лучыц, Аляксандр

Лучыц,  Васіль Разумейчык, Сяргей Матусевіч, Ігар Собаль, Мікалай Шаўчук, Сцяпан Куніцкі, Аляксандр Сплендзер, Міхаіл Казлоўскі зайшлі ў спартыўную залу, то ўсе прысутныя на турніры сустрэлі іх стоячы дружнымі апладысментамі. Яны гэта заслужылі.

 Жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца са стэндамі “Гісторыя турніру”, “Жыццё і творчасць Уладзіміра Высоцкага”. Падчас турніру гучалі яго песні.

 І на гэты раз не была парушана традыцыя: усе прысутныя маглі пачаставацца прысмакамі, выпіць гарбаты на травах, паспрабаваць кандытаркія вырабы, якія былі падрыхтаваны Наталляй Касянік, настаўніцай абслуговай працы, Святланай Скрабец, поварам школы. 

 Пасля першай гульні адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Права падняць сцяг турніру пад музыку Уладзіміра Высоцкага было прадстаўлена пераможцам мінулагодняга турніру – камандзе г. Івацэвічы.

З прывітальнымі словамі  да ўдзельнікаў звярнуліся Аляксандр Сплендзер, яго арганізатар, Міхаіл Казлоўскі, дырэктар школы, Сцяпан Куніцкі, ветэран турніру, Ігар Карповіч, старшыня Волькаўскага сельскага Савета, якія падзякавалі валейбалістам за тое, што яны рэгулярна ўдзельнічаюць у турніры, паказваючы моладзі прыклад здаровага ладу жыцця, пажадалі ўдалай і паспяховай гульні.

Слова ветэранам турніру

Сваімі ўражаннямі падзяліўся Сяргей Міхайлавіч Матусевіч, в. Зялёны Бор:

  • Мы знаёмыя і шчырая сябры з Аляксандрам Іванавічам больш за сорак гадоў. Яшчэ да валейбольнага турніру праводзілі спаборніцтвы па футболе і валейболе паміж нашымі школамі. Заўжды з вялікім жаданнем ехаў на турнір, у якім удзельнічаў 10 разоў, атрымліваючы пазітыўная эмоцыі. Радавала тое, што ў арганізацыі і правядзенні яго ўдзельнічала мясцовая ўлада. А якая спартыўная і дабразычлівая атмасфера была ў спартыўнай зале! У Дабромыслі жыве нейкі незвычайны спартыўны дух. Жадаю, каб Аляксандр Іванавіч, яго памочнікі, працягвалі пісаць і далей яго гісторыю. Хочацца, каб больш актыўны ўдзел у турніры прынімалі жанчыны.

А вось што сказаў Юрый Філіпеня, ветэран, ігрок каманды г.Івацэвічы:

  • Любоў да гэтага віду спорту жыве ў маёй душы з пятага класа, калі я быў выхаванцам Кобрынскай спецшколы-інтэрната. Ужо тады я сам сабе сказаў: буду гуляць у валейбол, колькі будзе дазваляць здароўе. Мне ўжо 56 гадоў. 28 раз удзельнічаю ў гэтым турніры. А для таго, каб быць заўжды ў спартыўнай форме, тры разы на тыдзень хаджу на трэніроўкі ў спартыўную залу СШ №4. Пакуль будуць сілы, не пакіну валейбол. Ад імя сваёй каманды, ад ветэранаў выказваю словы ўдзячнасці яго арганізатарам за цудоўнае яго правядзенне.

         Да самай апошняй гульні ішла напружаная барацьба за першае месца. Каманда г. Івацэвічы перамагла каманду в/ч 7404 і заняла першае месца. Другое месца -  у каманды в.Добромысль.  Трэцяе месца заняла каманда в/ч 7404.

        Сваімі ўраджаннямі аб турніры падзяліліся спартсмены.

Сяргей Новік, начальнік Івацэвіцкага РАНС, ігрок каманды-пераможцы г.Івацэвічы:

  • Упершыню прымаў удзел у турніры ў 2010 годзе, калі пасля вучобы працаваў у органах МНС у Косаве і Івацэвічах. Пэўны час працаваў на сваёй малой радзіме, у Ляхавіцкім раёне. Было вельмі прыемна, што мае былыя калегі з Івацэвіч, запрашалі мяне прыняць у складзе іх каманды ўдзел у гэтым цудоўным спартыўным свяце. Я заўжды прыязжаў на яго. Гэта дорага каштуе. І сёння, ужо зноў працуючы ў нашым раёне, з вялікім задавальненнем і ахвотай удзельнічаю ў ім. Па сваіх службовых абявязках я бываю ў многіх месцах краіны, але не чуў, каб у звычайнай вёсцы праходзілі такія цудоўныя турніры. Дзякую Аляксандру Іванавічу за тое, што часцінку сваёй душы ён укладвае ў правядзенне гэтага свята, папулярызуючы валейбол сярод моладзі.

           У турніры прымалі ўдзел і жанчыны-валейбалісткі. Вераніка Кавалевіч выступала за каманду в/ч 7404, а Алена Новік – за каманду “Гардэмарыны”.

            Вось што сказала Вераніка Кавалевіч:

  • Ужо другі раз я ўдзельнічаю ў гэтым валейбольным свяце. Сваёй камандзе не здраджваю, выступаю за яе ўжо другі год. Рэгулярна трэніруюся тры разы на нядзелю ў спартыўнай зале СШ №4. Мне вельмі падабаецца атмасфера ў спартыўнай зале, балельшчыкі і гэты турнір. Думаю, што яшчэ не раз буду выступаць на турніры за сваю любімую каманду.

Каманды-пераможцы ўзнагароджаны граматамі і медалямі, каманда г.Івацэвічы атрымала пераходны кубак, а ад райкама ГА “БРСМ” усе каманды-прызёры атрымалі ў падарунак салодкія пірагі.

Узнагароджванні праводзілі дырэктар раённай спартыўнай аздараўленчай установы “Вымпел” Алеся Роік, інструктар- метадыст гэтай установы Ірына Салаўёва і ветэраны.

 Ветэраны турніру Васіль Бахур, Іван Лучыц, Аляксандр Лучыц,  Васіль Разумейчык, Сяргей Матусевіч, Ігар Собаль, Мікалай Шаўчук, Сцяпан Куніцкі, Аляксандр Сплендзер, Міхаіл Казлоўскі былі ўзнагароджаны граматамі сектара спорту і турызму райвыканкама за актыўны ўдзел і ў сувязі з 30-годдзем турніру і юбілейнымі календарамі.

Былі вызначаны мацнейшыя ігракі ў наступных намінацыях: “Лепшы нападаючы” – Юрый Мінчук; “Лепшы разыгрываючы” – Сяргей Казанцаў; “Лепшы блакіруючы” – Мікалай Сысоеў; “Лепшы лібера” – Руслан Кавалёў; “Юны ігрок” – Яўген Пацалуйка; “Ветэран турніру” – Юрый Філіпеня, які быў узнагароджаны каштоўным прызам. Усе яны былі ўзнагароджаны граматамі і прызамі. Капітану каманды філіял “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы” быў уручаны ад райкама прафсаюза АПК валейбольны мяч.

Ад імя ветэранаў турніру Васіль Бахур уручыў Аляксандру Сплендзеру падарунак  у знак яго вялікіх заслуг у арганізацыю і правядзення турніру кнігу пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Высоцкага, у якой чытаем:

  • Уважаемый Александр Иванович!

Эта книга – знак нашего восхищения Вашим отношением к спорту, жизни, работе и в связи с 30-летней встречей на районном турнире по волейболу памяти Владимира Высоцкого. Желаем Вам невероятных успехов, красивых побед, высокого профессионализма, благополучия и крепкого здоровья. Ветераны турнира В. Бахур, И.Лучиц, А.Лучиц, В.Разумейчик, С.Матусевич, И.Соболь, М.Шевчук.

З 2017 года паралельна з валейбольным турнірам праходзіць турнір па настольным тэнісе, які праводзіць настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы Аляксей Суржык. У ім удзельнічала 11 хлопцаў і 5 дзяўчат. Першае месца сярод хлопцаў заняў Кірыл Ёвік з в/ч 7404, другое – Сяргей Новік з г.Івацэвічы, трэцяе – Яўген Сцепанчук з в.Дабромысль. Першае месца сярод дзяўчат заняла Юлія Бондар з в.Дабромысль, другое – Юлія Ячмянёва з в. Дабромысль, трэцяе – Яна Карачун з в.Дабромысль. Усе яны былі ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі прызамі.

 Выказваем падзяку суддзям турніру ветэрану Васілю Бахуру, які быў ўзнагароджаны каштоўным падарункам, Васілю Раземейчыку, а таксама Міхаілу Чачуну.

          Спонсарскую дапамогу ў правядзенні турніру аказалі сектар спорту і турызму (начальнік Аляксей Саскевіч), установа “Вымпел” (дырэктар Алеся Роік), райкам ГА “БРСМ” (першы сакратар Маргарыта Велясніцкая), Івацэвіцкае раённае аб’ядннанне прафсаюзаў (Ігар Паўшко), райкам прафсаюза работнікаў АПК (Рыгор Касцюк), Волькаўскі сельскі Савет (Ігар Карповіч), філіял “Дабромысль” ТАА “Брэст-травы” (упраўляючы Аляксандр Пятліцкі), прадпрымальнік Дзяніс Банкалюк, Мікалай Шаўчук (былы старшыня сельскага Савета), Міхаілу Казлоўскаму, дырэктару школы.

          Пакідаючы чарговы турнір, ігрок каманды в.Дабромысль Вадзім Шаўчук сказаў:

  • Эмоцыі перапаўняюць ад таго, што ўзнагароды мы атрымлівалі з рук ветэранаў гэтага свята. Гэта запомніцца надоўга. Было вельмі люба і дорага пабываць на малой радзіме, любімай спартыўнай зале з дзяцінства, сустрэцца на гэтым “спартыўным алімпе” з мацнейшымі валейбалістамі раёна. Зычу турніру доўгай жыцёвай дарогі.

Ветэран педагагічнай працы

Сцяпан Пятровіч Куніцкі